Россып талентаў

  • Печать

У Магілёўскім інстытуце МУС прайшоў агляд-конкурс мастацкай самадзейнасці, прысвечаны Дню ўшаноўвання ветэранаў органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў Рэспублікі Беларусь. На працягу чатырох дзён супрацоўнікі інстытута, а таксама курсанты факультэта міліцыі прадэманстравалі са сцэны актавай залы больш за 40 нумароў. Гэта былі песенныя, танцавальныя і тэатральныя пастаноўкі, нумары прамоўніцкага майстэрства. Кампетэнтнае журы адабрала лепшых сярод выканаўцаў і калектываў, якія прынялі ўдзел у фінальным этапе конкурсу.

Галоўным суддзёй фіналу агляду стаў начальнік цэнтра культурна-выхаваўчай работы Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь маёр міліцыі Антон Санкевіч. У сваім выступе Антон Аляксандравіч добра адазваўся аб рабоце клуба інстытута і адзначыў, што ўсе нумары былі падрыхтаваныя на годным узроўні.

Па выніках агляду-конкурсу лепшымі сталі: курсант 3-га курса Уладзіслаў Крылоў з кампазіцыяй «Вяртайся»; танцавальны калектыў «Мілітары» з нумарам «Спецзаданне»; вакальны ансамбль «Дзяўчаты ў пагонах», якія выканалі сімвалічную песню «Міліцыя без жанчын». Усе пераможцы прадставяць магілёўскую міліцэйскую навучальную установу на Рэспубліканскім гала-канцэрце, прысвечаным Дню ўшаноўвання ветэранаў органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў Рэспублікі Беларусь, які адбудзецца ў лістападзе 2017 года ў горадзе Мінску. Курсант 4-га курса Крысціна Зянькова стане вядучай дадзенага мерапрыемства.

Любоў ШУМІЛКА
Фото Ўладзіслава ШЭБАШЭВА