ЛАГІЧНА, ДОКАЗНА І БЕЗ ПАМЫЛАК: КОНКУРС КРАСАМОЎСТВА

  • Печать

Конкурс аратарскага майстэрства для курсантаў 2 курса стаў фінальным этапам вывучэння дысцыпліны "Рыторыка". На працягу семестра вучыліся выступаць публічна, карэктна спрачацца, пераконваць словам, а таксама пазбаўляліся ад праблем з пісьмовай мовай. Адборачны этап прайшоў у кожным узводзе падчас аўдыторных заняткаў, а ў фінал трапілі 9 лепшых курсантаў.

Конкурсныя іспыты складаліся з трох этапаў. Спачатку кожны курсант павінен быў выступіць з кароткай прамовай вольнага зместу. Уразіў творчы падыход, што прадэманстравалі навучэнцы ўжо на этапе выбару тэмы: гучалі гісторыі пра танцы, сілу волі, жыццё без ноўтбукаў, разважалі пра сучасны слэнг, масачны рэжым, давалі парады – як не заснуць на лекцыі.

Другім этапам стала мадэліраванне судовага працэсу: курсанты выступалі ў ролі пракурора альбо адваката.

Трэці этап конкурсу для ўдзельнікаў стаў сюрпрызам, бо давялося літаральна за 3 хвіліны прыдумаць выступленне пра нечаканы прадмет, які кожны атрымаў ад журы. Стары тэлефонны апарат, сапсаваны парасон, свежая газета "На страже", пустая скрыня, скрэпкі і іншыя рэчы дапамаглі курсантам паказаць, што ўдала выступіць можна на любую тэму.

Журы, у склад якога ўвайшлі прадстаўнікі кафедр сацыяльна-гуманітарных дысцыплін, крымінальнага працэсу і крыміналістыкі, а таксама вучэбна-метадычнага аддзелу, ацэньвала не толькі самі выступленні, але і рэакцыю аўдыторыі на іх.

DSC07007 DSC07033 DSC07177

Па выніках конкурсу лепшымі аратарамі сталі Яўген Гаўрылаў (23 узвод), Дыяна Баркавец (26 узвод) і Павел Кірэйчык (25 узвод). Добрае валоданне вуснай мовай паказалі таксама Аляксандр Сяднёў (26 узвод), Іван Паклонскі, Уладзіслаў Ліпскі (22 узвод), Анатоль Пявец (21 узвод), Арсеній Сяргеенка (24 узвод) і Уладзімір Федаровіч (23 узвод).
Набытыя навыкі і вопыт спатрэбіцца курсантам не толькі на заліку па "Рыторыцы": у наступным семестры давядзецца вывучаць дысцыпліну "Крымінальны працэс", а уменне валодаць словам не будзе лішнім на працягу ўсёй службы.

Сяргей ВЕНІДЗІКТАЎ
Фота Юрыя КУЛАЖЫНА, Кірыла МАРЖАНАВА