З нагоды Дня еўрапейскіх моў (26 верасня) кафедра сацыяльна-гуманітарных дысцыплін зладзіла конкурс для першакурснікаў.
Каб паказаць важнасць вывучэння замежных моў і скіраваць на самастойную працу, курсантам 1 курса прапанавалі паўдзельнічаць у «моўным спаборніцтве». Прадстаўнікам кожнага навучальнага ўзводу трэба было паказаць уменне арыентавацца ў моўных сітуацыях, а таксама навыкі свабодных зносін і стварэння маналагічных выказванняў. Каб наблізіць тэорыю да практыкі, курсанты павінны былі ўжываць у сваіх выказваннях словы, звязаныя з іх паўсядзённым распарадкам у інстытуце.
![]() |
![]() |
![]() |
Курсанты прадэманстравалі валоданне не толькі замежнай мовай (англійскай альбо нямецкай), але і агульную камунікатыўную кампетэнтнасць. Журы, у склад якога ўвайшлі выкладчыкі кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін, звяртала ўвагу таксама на артыстызм удзельнікаў.
Разынкай конкурсу стаў творчы этап, на якім акрамя выканання музычна-вакальных кампазіцый упершыню прагучала англамоўная паэзія. Курсантам трэба было самастойна падабраць песню на англійскай, нямецкай, французскай, беларускай альбо іншай еўрапейскай мове і выканаць яе ў фармаце караоке. Гэтая частка мерапрыемства атрымалася інтэрактыўнай: аўдыторыя з задавальненнем падпявала пад мелодыі ZAZ, One Direction, The Cranberries. А курсанты з 15 узвода зладзілі выкананне французскай энергічнай кампазіцыі ў складзе гурта.
![]() |
![]() |
Па выніках конкурсу лепшае валоданне замежнымі мовамі паказалі каманды 15, 16 і 13 узвадоў. Лепшым ў музычным этапе стаў курсант 12 узвода Юрый Шафераў, які выканаў песню Radioactive гурта Imagine Dragons пад гітару на англійскай мове.
Па інфармацыі кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін
Фота Юрыя КУЛАЖЫНА