27 верасня кафедра сацыяльна-гуманітарных дысцыплін зладзіла конкурс для першакурснікаў, прысвечаны Дню еўрапейскіх моў. Мерапрыемства стала традыцыйным і праходзіць ужо шэсць год запар.
Каб паказаць важнасць вывучэння замежных моў і скіраваць на самастойную працу, курсантам 1 курса прапанавалі паўдзельнічаць у "моўным спаборніцтве". З кожнага ўзвода былі сфарміраваны каманды. Ім трэба было паказаць валоданне англійскай ці нямецкай мовай, агульную эрудыцыю.
![]() |
![]() |
![]() |
Падчас тэарэтычнага этапу Дня еўрапейскіх моў юнакам прапанавалі распавесці, чаму вывучэнне замежных моў неабходна супрацоўнікам МУС, а таксама паразважаць, якія моманты, звязаныя з вывучэннем моў, пакінулі яркія ўспаміны. Таксама каманды прынялі ўдзел у выпрабаванні на складанне новых слоў з аднаго прапанаванага. Па-за конкурсам паспрабаваць свае сілы ў вымаўленні найвялікшых слоў у англійскай і нямецкай мовах змаглі і гледачы. Майстар-клас по вымаўленню быў праведзены выкладчыкамі кафедры.
![]() |
![]() |
Журы, у склад якога ўвайшлі выкладчыкі кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін, прапанавала ўдзельнікам таксама музычны этап, які стаў разынкай конкурсу. Курсантам трэба было самастойна падабраць песню на англійскай, нямецкай альбо іншай еўрапейскай мове і выканаць яе ў фармаце караоке. Але была і ўдзельніца, якая падыйшла да творчага конкурсу больш сур'езна і прадэкламавала верш нямецкага паэта Генрыха Гейне. Выкананыя пад гітару песні "Where is my mind" і "Sweater weather" спадабаліся ўсім гледачам. Увогуле творчая частка конкурсу атрымалася інтэрактыўнай, бо аўдыторыя з задавальненнем падпявала такім хітам, як "What is love", "No time to die" і "Old Town Road".
![]() |
![]() |
Па выніках конкурсу найлепшае валоданне замежнымі мовамі паказалі каманды 15 і 16 узвадоў. Пасля такіх выпрабаванняў заняткі і залікі па англійскай і нямецкай мовах павінны прайсці больш прадуктыўна.
Па інфармацыі кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін