"Нарад па-за чаргой" – праект года на Беларусі

  • Печать

У Міністэрстве ўнутраных спраў 28 траўня адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў штогадовага конкурсу на лепшае адлюстраванне ў сродках масавай інфармацыі дзейнасці органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў Беларусі.

У конкурсе прынялі ўдзел рэдакцыі, творчыя калектывы і асобныя журналісты, тэлеаператары, фотамайстры СМІ, прадстаўнікі інтэрнэт-СМІ з усёй Беларусі. З амаль 160 дасланых на конкурс работ журы вызначыла лаўрэатаў у 7 намінацыях.

У адной з найбольш прэстыжных намінацый – "Праект года" – лаўрэатам названы Сяргей Венідзіктаў, намеснік начальніка кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін Магілёўскага інстытута МУС. Высокая ўзнагарода ўручана за мэтанакіраваную працу па інфармаванні насельніцтва аб дзейнасці міліцыі ў рамках сумеснага з Магілёўскім інстытутам МУС праекту Магілёўскага гарадскога тэлебачання "Нарад па-за чаргой" ("Наряд вне очереди").

Праект "Нарад па-за чаргой" – цыкл 20-хвілінных праграм, якія раскрываюць спецыфіку працы розных органаў і падраздзяленняў Міністэрства ўнутраных спраў (участковыя інспектары міліцыі, патрульна-паставая служба, АМАП, Дзяржаўтаінспекцыя, Дэпартамент аховы, АУС на транспарце і г. д.). Мэты праекту – нейтралізацыя ўстойлівых негатыўных стэрэатыпаў аб рабоце міліцыі, актуалізацыя сацыяльных праблем, праява нестандартнага погляду на працу прававой сістэмы ў цэлым.

Праект рэалізаваны лабараторыяй адукацыйнага тэлебачання кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін інстытута сумесна з гарадскім тэлебачаннем "2 канал" у 2013–2014 гг. Цыкл праграм з кастрычніка 2013 г. выходзіў у тэлеэфір, размяшчаўся на інтэрнэт-сайтах і ў сацыяльных сетках.

Тэлепраграма не мае аналагаў ні на Беларусі, ні ў рускамоўнай медыяпрасторы. Ніколі раней курсанты (студэнты) навучальнай установы, якая не мае медыяспецыялізацыі, не працавалі ў такім фармаце. У кожным выпуску ў "нарад" заступалі 3 курсанты – Аляксандр Калыска, Андрэй Дзенісевіч і Аляксандр Мацкевіч. У другой палове 2014 г. праект быў завершаны. Зараз разглядаецца магчымасць аднаўлення "Нараду па-за чаргой" у новым тэлевізійным сезоне (с верасня 2015 г.) і ў новым фармаце.