БЕЛАРУСКАЯ МОВА: НОВЫ ВУЧЭБНЫ ДАПАМОЖНІК

  • Печать

978-985-06-2999-9У выдавецтве "Вышэйшая школа" выйшаў у свет вучэбны дапаможнік па дысцыпліне "Беларуская мова (юрыдычная лексіка)", падрыхтаваны кандыдатамі філалагічных навук, дацэнтамі Сяргеем Венідзіктавым (начальнік кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін інстытута) і Сяргеем Даніленкам.

Вучэбны дапаможнік атрымаў грыф Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Гэта другое вучэбнае выданне па дысцыпліне "Беларуская мова", падрыхтаванае на кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін: першы вучэбны дапаможнік выйшаў ў 2013 г. у выдавецтве "Издательский дом Гревцова".

Вучэбны дапаможнік "Беларуская мова (юрыдычная лексіка)" змяшчае асноўныя тэарэтычныя звесткі па дысцыпліне, практычныя заданні, тэксты юрыдычнай тэматыкі для перакладу, кароткі руска-беларускі слоўнік юрыдычных тэрмінаў, пытанні для самаконтролю і для падрыхтоўкі да заліку па дысцыпліне.

Вывучэнне дысцыпліны "Беларуская мова (юрыдычная лексіка)" арыентавана, найперш, на практычныя патрэбы грамадства: здольнасць вырашаць складаныя моўна-сацыяльныя праблемы бытавання беларускай мовы ў сітуацыі дзяржаўнага білінгвізму. Прынцыповай задачай вучэбнага курса з'яўляецца выпрацоўка ўменняў практычнага карыстання тэрміналогіяй і прафесійнай лексікай па абранай спецыяльнасці і падрыхтоўка да ўкаранення атрыманых ведаў у іншых сферах сацыяльнай актыўнасці. Дапаможнік адрасаваны курсантам і студэнтам дзённай і завочнай формы навучання спецыяльнасці "Правазнаўства", якія атрымліваюць адукацыю ў вышэйшых навучальных установах Рэспублікі Беларусь.

Кiрыл МАРЖАНАЎ