РЭФЕРАТЫ – НА "10". ЛАЙФХАКІ ДЛЯ ПЕРШАКУРСНІКАЎ

  • Печать

Канферэнцыя "Методыка і правілы падрыхтоўкі пісьмовых работ (рэфератаў, эсэ)", арганізаваная кафедрай сацыяльна-гуманітарных дысцыплін і вучэбна-метадычным аддзелам інстытута, прайшла ўпершыню. Нагода – практычная: практыка мінулых галоў паказала, што самастойна напісаць эсэ ці падрыхтаваць якасны рэферат здольны не кожны першакурснік. І каб выкладчыкі не мелі пытанняў ні да зместу, ні да афармлення работ, "інструктаж" у выглядзе канферэнцыі прайшоў у пачатку навучальнага года.

DSC09739 DSC09768 DSC09779

Фармат канферэнцыі – не зусім стандартны. Разабрацца ў інструкцыях, стандартах і правілах першакурснікам дапамагалі пакрокава: у выглядзе своеасаблівых "лайфхакаў" ад выкладчыкаў і курсантаў. Старшы выкладчык-метадыст вучэбна-метадычнага аддзела Алена Сільвановіч пазнаёміла навучэнцаў з інструкцыяй па падрыхтоўцы пісьмовых прац, што дзейнічае ў інстытуце. Дацэнт кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін Ірына Лукашкова распавяла аб выніках выканання пісьмовых работ у мінулым навучальным годзе і аб тыповых памылках, якіх лёгка пазбегнуць. Выкладчык кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін Яўген Іваноў правёў майстар-клас па выкарыстанні адкрытых інтэрнэт-рэсурсаў праверкі на плагіят.

Сваім вопытам напісання пісьмовых прац падзяліліся і найбольш падрыхтаваныя курсанты. Ад другакурснікаў Аляксандры Шведавай і Маргарыты Шляхтун – парады ў падрыхтоўцы рэфератаў. Першакурснік Аляксандра Ярокава распавяла, што дапамагае ёй хутка і якасна пісаць эсэ. А курсант трэцяга курса Дзмітрый Якаўчык прапанаваў свой пералік "лайфхакаў" для стварэння ўнікальных тэкстаў па любой навучальнай дысцыпліне. Тое, што парады працуюць, відаць з рэйтынгу: выступоўцы – сярод лепшых курсантаў інстытута.

DSC09810 DSC09795

Вынікі канферэнцыі падвялі начальнік кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін Сяргей Венідзіктаў і начальнік аддзялення планавання і арганізацыі вучэбнага працэсу вучэбна-метадычнага аддзела Аляксандр Базылёнак. Ці прыслухаліся курсанты да парад, будзе відаць зусім хутка: неўзабаве навучэнцам давядзецца рыхтаваць да праверкі эсэ і рэфераты. Што да агульнай адзнакі такой сустрэчы з выкладчыкамі, дык яна з боку будучых праваахоўнікаў цалкам станоўчая. Цяпер канферэнцыі для першакурснікаў плануецца праводзіць штогод.

Па iнфармацыi кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін