НЕКРЫМІНАЛЬНАЕ ЧЫТВО: ЛІТАРАТУРА ВАЧЫМА КУРСАНТАЎ

  • Печать

Кафедра сацыяльна-гуманітарных дысцыплін прапанавала курсантам з карысцю выкарыстаць вольны час: па-новаму зірнуць на літаратуру і заняцца творчасцю. У конкурсе "Некрымінальнае чытво", які прайшоў у інстытуце ўжо ў чацвёрты раз, прынялі ўдзел курсанты 1-3 курсаў факультэта міліцыі.

На працягу месяца курсанты мусілі выканаць некалькі заданняў. На першым этапе канкурсанты рыхтавалі свае рэцэнзіі на мастацкую літаратуру. Кніга для рэцэнзавання вызначалася ўдзельнікамі самастойна: моладзь ацэньвала Льва Талстога, Янку Маўра, Луізу Олкат, Яўгенію Янішчыц, Антуана дэ Сент-Экзюперы і іншых аўтараў. Найлепшай была прызнана рэцэнзія курсанта 15 узвода Аліны Касцюковай.
На другім этапе былі выбраны самыя цікавыя варыянты вокладак для кніг, выкананыя ў электронным фармаце, а таксама на паперы. Журы прапанавалі зусім розныя вокладкі і па стылі, і па ўзроўні выканання: для твораў "А зоры тут ціхія", "Сабака Баскервіляў", "Маленькі прынц", "Прыгоды Шэрлака Холмса" і нават для навучальнага дапаможніка па агнявой падрыхтоўцы. На гэтым этапе не было роўных работам курсантаў 16 узвода Аляксандра Кавалёва, 13 узвода Паўла Сігеева і другакурсніц Аляксандры Ярокавай і Дар'і Свірко (24 узвод).

DSC06610 DSC06615 DSC06621


Нарэшце, на трэцім этапе былі вызначаны самыя цікавыя медыяпраекты, прысвечаныя літаратурным творам. Найлепшую працу – па матывах "Тараса Бульбы" Мікалая Гогаля прадставілі курсанты 23 узвода Аляксандр Макаранка і Мікіта Лазуткін.

Па выніках усіх этапаў былі вызначаны пераможцы ў агульным заліку конкурса – каманда 24 узвода. Разам з дыпломамі курсанты атрымалі кнігі ў падарунак ад кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін, на якіх выкладчыкі пакінулі свае пажаданні. І гэта яшчэ адна нагода пагартаць карысную літаратуру ў вольны час.

1 2 3