На конкурс удзельнікі накіравалі больш за 200 прац – вершаў і эсэ. Журы, у склад якога ўвайшлі члены Саюза пісьменнікаў Беларусі, вызначала пераможцаў у трох намінацыях: «І вечнасць радка, як вечнасць жыцця», «Знаёмыя незнаёмцы: нашы сучаснікі», «Мая малая радзіма».
Курсанты Магілёўскага інстытута МУС прызнаны пераможцамі ў намінацыі «Знаёмыя незнаёмцы: нашы сучаснікі». Журы адзначыла верш «Язык и мова» курсанта 4 курса Данііла Свешнікава дыпломам 2 ступені, а серыю вершаў курсанта 2 курса Аляксандры Шмацюк – дыпломам 3 ступені. Данііл Свешнікаў атрымаў яшчэ адну ўзнагароду: ён стаў другім у намінацыі «Паэзія» конкурсу «Велікодная радасць», які быў арганізаваны Магілёўскім аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі, Магілёўскай епархіяй Беларускай Праваслаўнай Царквы, Магілёўскім дзяржаўным універсітэтам імя А.А. Куляшова.
На цырымонію ўзнагароджання, якая адбылася ў МДУ імя А.А.Куляшова, курсанты былі запрошаны разам з куратарам сваіх творчых прац – начальнікам кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін Сяргеем Венідзіктавым. Дыпломы за перамогу ў конкурсах курсанты атрымалі з рук старшыні Магілёўскага абласнога аддзялення грамадскага аб'яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Аляксандра Казекі.
Па інфармацыі кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін