Апошнім часам наша жыццё паскорылася, стала больш высокатэхналагічным і інфармацыйна насычаным. Дзеці ўжо з двух гадоў пачынаюць карыстацца гаджэтамі, адпаведна, і мова наша мяняецца. Кожны дзень можна пачуць новае слова або выказванне, прычым не заўсёды зразумелыя па сэнсе. Блогеры ў сваіх навінах расказваюць пра віртуальны сусвет і перадаюць пра здарэнні адтуль. Моладзь усё матае на вус і бярэ новыя словы на ўзбраенне. У Магілёўскім інстытуце МУС за ідэю стварыць слоўнік маладзёжнага слэнгу ўзяліся з натхненнем. Магчыма, не кожнаму веданне гэтых слоў патрэбнае, але супрацоўнік міліцыі па доўгу службы павінен разумець і такую мову. Распрацоўка вядзецца на кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін пад кіраўніцтвам яе начальніка, кандыдата філалагічных навук Сяргея Венідзіктава. У рабоце задзейнічаны выкладчык кафедры Яўген Іваноў і некалькі курсантаў другога-трэцяга курсаў.
— Наша задача — распрацаваць універсальныя прынцыпы, якія змогуць апісаць любыя жаргонныя, слэнгавыя, маладзёжныя словы, і зрабіць слоўнік максімальна карысным для супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, — удакладняе Сяргей Венідзіктаў. — Гэта не проста слоўнік маладзёжнага слэнгу, гэта навуковая распрацоўка прынцыпаў лексікаграфічнага апісання, вывучэнне дадзенай з'явы ў маладзёжным асяроддзі.
Работа вядзецца па двух кірунках. Выкладчыкі займаюцца класіфікацыяй, а пошукам матэрыялу — будучыя аператыўнікі і ўчастковыя. Для апошніх работа насамрэч карысная. Веданне маладзёжнай мовы вельмі спатрэбіцца для раскрыцця злачынстваў у маладзёжным асяроддзі. Вось толькі слэнг — з'ява вельмі дынамічная і зменлівая.
— Задача стаіць не надта простая, — згодны Яўген Іваноў. — Тыя слоўнікі, якія былі створаны пяць гадоў таму, ужо неактуальныя. Сёння моладзь выкарыстоўвае ў сваёй мове іншыя словы, а тыя лічыць устарэлымі. У працэсе работы высветлілася, што шмат слоў моладзь запазычвае ў медыйных асоб, папулярных на «Ютубе» блогераў і стрымераў, людзей, якія трансліруюць свае навіны або гульні на мільённыя аўдыторыі. Таму асноўная маса матэрыялу для слоўніка бярэцца з медыйных, візуалізаваных і тэкставых інтэрнэт-крыніц.
Ёсць цалкам зразумелыя словы, ёсць і даволі загадкавыя. Напрыклад, крынж. Гэта нешта жахлівае, дзіўнае, з негатыўнай адзнакай. Запазычана яно з англійскай мовы.
Найбольш багатыя на маладзёжныя слоўцы некаторыя сайты, у прыватнасці, сайт «СловаНова». Там бывае шмат «зорных» удзельнікаў. З задавальненнем капіруе моладзь модных медыйных блогераў. Напрыклад, таго ж Ілью Варламава, які нароўні з даволі зразумелымі і зняважлівымі паняццямі накшталт «мудак» ужывае і не ўсім зразумелыя — тыпу «хіпстары». Так называюць крэатыўны клас мужчын-інтэлектуалаў накшталт таго ж Варламава. Для моладзі, чым больш слова інтрыгуючае і незразумелае абывацелю, тым лепш. Недасведчанага можна ўвагнаць у ступар незразумелым «піпяо» (што значыць, мякка кажучы, усё прапала) або словам «згуха» (так падлеткі называюць згушчанае малако). І ніякіх табе «чувіх» і «мачалак». Хоць быў час, калі моладзь з задавальненнем падпявала Барысу Грабеншчыкову «Мачалкін блюз».
— На рыторыцы, калі мы вывучаем слэнг як з'яву, сутыкаемся з тым, што курсанты наогул не разумеюць маладзёжную мову 20-гадовай даўнасці, — кажа Сяргей Венідзіктаў. — Гэта як у выпуску «Ералаша» «Ну чаму мы так гаворым». Памятаеце, як школьнік бянтэжыць сваімі спецыфічнымі слоўцамі дарослага інтэлігента? Для савецкага перыяду гэта быў адборны сакавіты слэнг, які сёння выглядае анахранізмам. Тое ж слова «чувак», якое ўвайшло ў абарот дзякуючы субкультуры хіпі і было распаўсюджанае сярод савецкай моладзі, сёння ніхто і не ўспрымае. Дарэчы, першапачатковае яго значэнне не такое ўжо і бяскрыўднае.
Наогул розных слэнгаў шмат, але на кафедры міліцэйскага інстытута бяруць за аснову ўніверсальны зрэз, які прысутнічае ў інтэрнэце. Курсанты працуюць па тэматычных рубрыках. Нехта шукае «геймерскія» абароты, нехта — «айцішныя». Калі трапляеш у адмысловае асяроддзе, немагчыма гэтых слоў не заўважыць. Яны ляжаць на паверхні.
— Інтэрнэт разнявольвае моладзь, яна не фільтруе выказванні, і яны так хутка распаўсюджваюцца, што іх нават не трэба шукаць, — кажа Сяргей Венідзіктаў.
Элачцы-людаедцы са славутага сатырычнага рамана Ільфа і Пятрова «12 крэслаў» хапала 30 слоў, каб перадаць свае эмоцыі. У эпоху «кліпавага мыслення» таксама ёсць спробы словам замяніць фразу.
— Мінімум гукаў і максімум інфармацыі — гэта адпавядае сённяшнім маладзёжным тэндэнцыям, — звяртае ўвагу Сяргей Венідзіктаў. — Ёсць таксама імкненне да моўнай ізаляцыі, жадання акрэсліць межы сваёй сацыяльнай прасторы і абазначыць асабістую ўнікальнасць, самаідэнтыфікавацца. Маўляў, я такі, які ёсць, і маю зносіны толькі з сабе падобнымі. Калі вы не такі, гэта вашы праблемы і мая перавага.
Зусім яшчэ нядаўна было шмат розных субкультур, якія дэкларавалі сябе ў тым ліку з дапамогай своеасаблівай мовы — готы, эма, панкі.
— Цяпер такога няма, — кажа Яўген Іваноў. — Яшчэ 10 гадоў таму можна было выдзеліць мову тых жа готаў або эма, але сёння гэта не атрымаецца, бо свет развіваецца і інтэрнэт задае свае кірункі развіцця. Межы сціраюцца, і цяжка зразумець па мове маладых людзей, да якой субкультуры яны адносяцца. Слэнг стаў больш універсальны.
Тым не менш, ёсць асобныя катэгорыі, прыналежнасць да якіх выдаюць менавіта словы. Напрыклад, тыя ж «геймеры» або прыхільнікі наркаслэнгу.
— Гэта яшчэ і своеасаблівыя маркёры дэвіянтнасці, — кажа Сяргей Венідзіктаў. — Іх шмат у пласце слэнгавых выразаў. Супрацоўнік міліцыі, пачуўшы пэўны выраз ад падлетка, зможа адразу ж вызначыць, да якой групы рызыкі ён адносіцца. Гэтыя маркёры, адхіленні ў паводзінах, вельмі лёгка адсочваюцца на ўзроўні слэнгу. Таму што слэнг — гэта сацыяльны пласт, сацыяльная група, кола зносін, дамінуючая актыўнасць, якая выяўляецца ў паводзінах. І мы ў сваіх слоўнікавых артыкулах робім акцэнт на такіх маркёрах. Калі, напрыклад, у падлетка гульнявая залежнасць, ён выкарыстоўвае словы, якія ўжываюць менавіта «геймеры».
Моладзь заўсёды рэагуе на нешта яркае, няхай і нізкасортнае. Блогеры і стрымеры, каб прыцягнуць увагу да сваёй асобы, не заўсёды падбіраюць выразы. Не так даўно блогеру Мэлстрою быў вынесены прысуд за яго паводзіны і мову. І той, хто бярэ на ўзбраенне яго словы, таксама ў групе рызыкі.
— Што ў чалавека ў галаве, тое і на языку, — лічыць Яўген Іваноў. — Па яго мове можна зразумець, чым ён дыхае, чым займаецца, чым жыве. Так было заўсёды.
Пакуль слоўнік існуе выключна ў табліцах, але да восені гэта будзе ўжо цалкам закончаны варыянт. Мяркуецца, што ў ім будзе каля тысячы найбольш ужываных моладдзю слоў. Будучае выданне разлічана на шырокую аўдыторыю. Распрацоўшчыкі лічаць, што калі нешта падобнае рабіць, то ўжо не толькі для ўчастковых.
— Наша задача — скласці зразумелы для ўсіх слоўнік, не трапляючы ў глыбокія нетры лінгвістычнай псіхадыягностыкі, — адзначае Сяргей Венідзіктаў. — Нават паходжанне некаторых слоў мы не вельмі глыбока аналізуем. Бывае, што можна толькі здагадвацца аб этымалогіі выразаў. Прасцей, калі гэта англамоўная калька або абрэвіятура. Але часам ланцужок абрываецца і гэта застаецца асобнай тэмай для даследавання. Магчыма, мы потым гэтым зоймемся. Слоўнік стане нагодай для новых навуковых работ. Не выключана, што з дапамогай курсантаў мы ў будучым даследуем і вышэйзгаданую тэму.
Начальнік кафедры звяртае ўвагу на тое, што слоўнік будзе па-свойму ўнікальным. «Ва ўсякім разе, на тых міжнародных канферэнцыях, у якіх бярэ ўдзел наш інстытут, замежныя калегі кажуць, што такога вопыту пакуль не было, — падкрэслівае ён. — Гэта будзе першы даведнік, адаптаваны для патрэб супрацоўнікаў праваахоўных органаў, — з маркёрамі дэвіянтнасці, указаннямі тэматычных груп і груп рызыкі».
Дарэчы, некалькі гадоў таму кафедра зрабіла мультымоўны размоўнік да Еўрапейскіх гульняў, якія праходзілі ў 2019 годзе. І вось новы вопыт. Даследчыкі кажуць, што імі кіруе пачуццё цікавасці. І гэта самы лепшы рухавік. Так што даследаванні працягваюцца.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота з архіва Магілёўскага інстытута МУС
Учреждение образования "Могилевский институт Министерства внутренних дел Республики Беларусь" Республика Беларусь, 212011, г. Могилев, ул. Крупской, 67 |
|
mi@institutemvd.by | |
8-0222 72-31-77 (оперативно-дежурная служба), 8-0222 72-31-77 (факс) | |
Время работы: Пн-Пт, 8.30-17.00 (обеденный перерыв: 13.30-14.00) | |
Для инвалидов и лиц с ограниченными возможностями (контактные данные для предварительного сообщения о посещении учреждения образования и объёма требуемой ситуационной помощи: +375297427474 (МТС) или телефон оперативно-дежурной службы 8-0222 72-31-77) |
|
Новости